КРАЯВЫ́ САКРАТАРЫЯ́Т ЦК КПЗБ,

цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1924—37 (у 2-й пал. 1920-х г. называўся Краявое бюро ЦК КПЗБ). Працаваў у падполлі. Фактычна быў часткай Цэнтральнага Камітэта КПЗБ з 3—4 яго членаў, якія пастаянна знаходзіліся на нелегальнай рабоце ў Вільні, з канца 1920-х г. — у Варшаве. У склад сакратарыята зрэдку ўваходзілі кандыдаты ў чл. ЦК КПЗБ. Працаваў пад кіраўніцтвам Бюро ЦК КПЗБ, агульнае паліт. кіраўніцтва яго дзейнасцю ажыццяўляў Краявы сакратарыят ЦК КПП (знаходзіўся ў Варшаве). Кіраваў Цэнтр. краявой рэдакцыяй, Цэнтр. тэхнікай (падп. друкарні, распаўсюджванне л-ры), акр. к-тамі КПЗБ, ЦК КСМЗБ, ЦК МОПР Зах. Беларусі, некаторымі цэнтрамі бел. нац.-вызв. руху і іх легальнымі выданнямі, вёў парт. касу; падтрымліваў канспіратыўную сувязь з Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску. У розны час К.с. ЦК КПЗБ узначальвалі члены Бюро ЦК А.А.Альшэўскі, Л.Н.Аранштам, М.С.Арэхва, І.К.Лагіновіч (П. Корчык), С.Т.Мілер, Л.М.Янкоўская; у яго склад уваходзілі члены Бюро і канд. ў чл. ЦК КПЗБ Я.С.Бабровіч, Р.Д.Вольф, М.І.Гурын-Маразоўскі, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, С.М.Малько, М.Л.Перавалоцкі, Ф.Б.Пірышка, А.Х.Раф, Л.І.Родзевіч, А.М.Розенштайн і інш.

У.Ф.Ладысеў.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)